Comments by "Adam Radziwill" (@adamradziwill) on "" video.
-
“Вялікі эксперымент” азначыўся тым, што ў краіне, якая яшчэ нядаўна
карміла хлебам усю Еўропу, пачаўся галадамор. Асабліва пакутавалі
чарназёмная Украіна і Расія. Рассакрэчаныя дакументы сведчаць, што ў
Беларусі голад таксама меў жудасныя наступствы. Калі рабочым даводзіўся
хоць нейкі сціплы паёк, то сяляне і гэтага не мелі, павінны былі здаваць
скаціну ў калгас, а зерне – дзяржаве.
7 красавіка 1932 г. у Барысаве ўспыхнуў хлебны бунт. Даведзеныя да адчаю
жанчыны ўварваліся ў хлебныя лаўкі і расхапілі ўсе буханкі, а тыя, хто
не здолеў прабіцца ў магазін, размяталі гружоныя хлебам фурманкі. Трэба
адзначыць, што такую сітуацыю справакавала сама ўлада, аб’явіўшы аб
скарачэнні харчовага пайка на 100–200 грамаў хлеба кожнаму едаку, у
залежнасці ад спісу, да якога той быў прызначаны. А самае галоўнае, што з
забеспячэння поўнасцю здымаліся дзеці.
З 1928 г. у СССР прадукты выдаваліся строга па картачках, дакладней, па
“заборным дакуменце”, адпаведна якому савецкі народ дзяліўся на чатыры
групы. На чале прадуктовай “табелі аб рангах”, зразумела, стаялі
камуністы-ўпраўленцы і частка прывілеяванага пралетарыяту.
Вясной 1932 г. ім выдзялялася па 800 грамаў хлеба на дзень і 4,4 кг мяса
на месяц. Замыкалі спіс дзеці і інваліды з 200-грамовай нормай хлеба ў
суткі і поўнай адсутнасцю мясной долі. І вось зараз дзяцей пакінулі не
толькі без мяса, але і без хлеба.
Дык вось, калі назаўтра ў Барысаве хлеб у магазіны прадбачліва павезлі
на грузавіках ноччу, натоўп зноў перахапіў бясцэнны груз. Прыбыўшая
міліцыя арыштавала самых актыўных прамоўцаў. Жанчыны тут жа пачалі
патрабаваць іх вызвалення: “Галодныя просяць хлеба, а вы іх саджаеце!”
Барысаўчанкі звярнуліся за дапамогай да жаўнераў 7-га артпалка, штаб
якога размяшчаўся якраз насупраць будынка міліцыі: “Абараніце рабочых,
ім не даюць хлеба, саджаюць у турму”. На дапамогу гаротным маці
падключыліся дзеці, і пад вокнамі казармаў дружна скандзіравалі: “Дайце
хлеба і магчымасць вучыцца!”
Хроніка бабскага бунту ў Барысаве падрабязна зафіксавана чэкістамі ў
сакрэтным рапарце на імя сакратара ЦК КПБ (б) Мікалая Гікалы. Факт і
сапраўды беспрэцэдэнтны: рабочыя падтрымалі сваіх жанчын-небаракаў, а
чырвонаармейцы падтрымалі рабочых. На бок бунтароў ледзь не стаў
гарадскі партактыў, але прыбыўшыя на пасяджэнне работнікі ОГПУ сумелі
пераламіць сітуацыю. Для расследавання надзвычайнага здарэння ў Барысаў
спешна прыбыла парткамісія з Менску. 14 красавіка 1932 г. Бюро ЦК КП(б)Б
прыняло пастанову аб павышэнні “бальшавіцкай пільнасці да вылазак
класавых ворагаў”, тут жа разосланае ва ўсе райкамы рэспублікі (пасля
азнаямлення яго абавязкова неабходна было вярнуць у сакрэтны аддзел ЦК).
Дзякуючы бабскаму бунту, які адбыўся ў Барысаве, улада вымушана была
ўважыць усіх дзяцей СССР, і з 9 красавіка ім зноў пачалі выдаваць па 200
г хлеба на дзень.
4
-
Такое ж бядотнае становішча было і ў суседнім Ельскім раёне, аб чым
чэкісты рапартавалі ў Менск. У 200 сем’ях з 250 аднаасобных гаспадарак
дзеці і дарослыя апухлі ад голаду, за два месяцы з-за схуднення памерла
20 чалавек. “Аднаасобнік хутара Рэдзька Калодзей Мікіта, каб не бачыць
пакуты галоднай сям’і, запёр у хаце жонку і трох малалетніх дзяцей,
забіў наглуха дзверы і вокны, пасля чаго сам некуды знік. Жонка і двое
дзяцей Калодзея ўжо памерлі, аднаго малога выратавалі суседзі. У
в.Меляшковічы ўдава Ціханава Ульяна з голаду кінула траіх дзяцей і сышла
няведама куды”, – прыводзілі жудасныя прыклады чэкісты.
На Гомельшчыну з Менска выехала спецыяльная камісія для праверкі фактаў.
21 чэрвеня Бюро ЦК КП(б)Б занесла ў пратакол: у Ельскім і Нараўлянскім
раёнах мор закрануў да 60 працэнтаў насельніцтва. Людзі ядуць не толькі
“ліпавае лісце, верас, мох і мякіну, а ў некаторых гаспадарках нават
катоў, сабак і конскую падаль”. Сталічныя таварышы вымушаны былі
прызнаць факт канібалізму: “У в. Акопы… жонка бедняка, пайшоўшага на
працу ў горад, вярнулася дадому і знайшла свайго сына Валодзю мёртвым,
адрэзала ногі дзіцяці і зварыла са шчаўем. Паела шчаўя сама і пакарміла
другое дзіцянё. Назаўтра памерла сама і другое дзіцё”.
2